Прызы за ўдзел у конкурсе «Буслік-2025»

10.12.2025

Призы

Пачалася дастаўка прызоў за ўдзел у гульні-конкурсе "Буслік-2025" і друкаваных выніковых пратаколаў у раённыя (гарадскія) аргкамітэты конкурсу.

Усе ўдзельнікі гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры «Буслік-2025» атрымліваюць прыз "для ўсіх", які ўключае пасведчанне ўдзельніка, ручку з эмблемай конкурсу і адну з брашур:

Дзівы-таямніцы роднага слова для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 1-4 класах. У гэтай кнізе сабраны невялікія, але цікавыя і пазнавальныя гісторыі-апавяданні з паўсядзённага жыцця, якія дапамогуць зразумець і засвоіць такі раздзел лексікі, як “Амонімы”.

Падказкі да казкі для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 5-11 класах. “Падказкі да казкі” не расказваюць, а толькі пачынаюць апавяданні. І трэба вельмі сур’ёзна аднесціся, каб успомніць, узнавіць і поўнасцю пераказаць змешчаныя ў кнізе творы. А яшчэ выканаць заданні да іх.

Призы

20% удзельнікаў, якія паказалі лепшыя вынікі ва ўстановах адукацыі, атрымліваюць у якасці дадатковага прыза "за высокі вынік" сувенірны медаль і адну з кніг:

Тыя – ды не тыя : Жукі для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 1-4 класах. Кніга змяшчае шмат цікавай і пазнавальнай інфармацыі, багата ілюстравана “партрэтамі персанажаў”.

Энцыклапедыя юнага этнографа для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 5-11 класах. Энцыклапедыя складаецца з дзвюх частак – “У руплівай гаспадыні шафы поўныя ды скрыні” і “Калі добры гаспадар, у парадку інвентар”, – дае магчымасць сённяшняму пакаленню зазірнуць у мінулае, падзівіцца, а часам і пазайздросціць умельству ды таленавітасці нашага народа.

Призы

Дадзеныя кнігі таксама атрымаюць арганізатары конкурсу ва ўстановах адукацыі і ў раёнах (гарадах).

Выказваем падзяку настаўнікам і арганізатарам за прадстаўленую навучэнцам магчымасць прыняць удзел у гульні-конкурсе.

Жадаем удзельнікам высокіх дасягненняў у вучобе і творчасці.

uparrow